ПУ́ХАВІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1964, адкрыты ў 1968 як школьны ў в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл., з 1969 народны, з 1974 сучасная назва; з 1993 размешчаны ў в. Блонь у сядзібным доме рэвалюцыянера-народніка А.В.Бонч-Асмалоўскага. Пл. экспазіцыі 297 м², 6,5 тыс. адзінак асн. фонду (2001). Мае аддзелы: жыццё і дзейнасць асветнікаў Бонч-Асмалоўскіх, мастака-партызана Г.Ф.Бржазоўскага, нас. пункты Пухавіцкага раёна, Вял. Айч. вайна, нар. побыт, знакамітыя людзі краю, прырода і экалогія. Сярод экспанатаў археал. і нумізмат. калекцыі з раскопак гарадзішчаў, матэрыялы пра землякоў-удзельнікаў грамадз. вайны 1918—20, стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну на тэр. раёна, асабістыя рэчы землякоў — Герояў Сав. Саюза, дзярж. дзеячаў, кампазітараў, літаратараў і інш. У экспазіцыі музея інтэр’ер сял. хаты, прылады ручной апрацоўкі лёну і вырабы з яго 19 — пач. 20 ст., калекцыі карцін Бржазоўскага, прылад працы і хатняга ўжытку, вырабы ткацтва, саломапляцення, разьбы па дрэве, вышыванкі. Мае філіялы ў вёсках Блужа, Гарэлец і г. Мар’іна Горка.
А.А.Прановіч.
т. 13, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)